Фея

А бабуля твая была звычайнай феяй,
Але незвычайнай прыгажосці і дабрыні.
Яна любіла жыццё і жыла надзеяй,
Што на Беларусі скончацца сумныя дні.
Яна спявала песні, чытала вершы
(Нават гэты, які прысвяцілі ў жніўні ёй).
Яна змагалася, каб нашае жыццё палепшыць,
Асабліва, калі сутыкалася з несумленнай гульнёй.

У бабулі тваёй былі блакітныя вочы,
Як у цябе, толькі яны бачылі больш гора.
Былі светлыя валасы і стан дзявочы,
Два разы на год яна вывозіла мяне на мора,
Пакуль не прыйшла чума, пакуль не пачаліся войны,
Дзе крывавыя дыктатары скінулі маскі,
Пакуль оркі не напалі на народ вольны,
І пачалі складацца невясёлыя казкі.

Але бабуля твая не ведала адчаю,
Пісала сцэнары, у якіх дабро перамагае.
І гэтую калыханку я табе прысвячаю,
Няхай добрая фея табе ў жыцці дапамагае.

09.08.2022

P.S. Прабач. Сам плачу


Рецензии