Сярод поля на прыгорку...

***
Памяці мамы і братоў

Сярод поля на прыгорку,
Дзе бярозы гнуцца,
Паглядзі, сынок, на зоркі,
Як яны смяюцца.

На прыгорку, дзе бярозы
Гнуцца пад вятрамі,
Там не раз ліліся слёзы
Маці над сынамі.

Дзе бярозы пад вятрамі
Лісцем шапацелі,
Там матулі над сынамі
Плакалі і млелі.

Сярод поля, на прыгорку,
Сынку пахавала,
Каб ён бачыў тую зорку,
Што яго кахала.

Колькі ў небе ясных зорак,
Не злічыць ніколі!
Везлі сына на пагорак,
Што ў шырокім полі.

Гаравала і маўчала,
Блытала імёны…
А душа, душа крычала:
“Там грудок ягоны…”

Ўспамінала, як калісьці
Быў малы, ці хворы,
А з бяроз злятала лісце,
Уздыхала: “Гора…”

Сярод поля на прыгорку,
Дзе бярозы гнуцца,
Можа, недзе там на золку
Маці й сын сыдуцца…

04. 05. 2020 г.


Рецензии