Наша гуска закахалася. Ранкам, калі бабуля выганяла статак з хлява, усе гусі шпацыравалі на лужок, а гуска ціхенька скіроўвала на вуліцу. Станавілася ля варот і глядзела, глядзела туды, дзе вязы сыходзяцца сваімі галінастымі вершалінамі. І дзень так стаяла, і другі, і трэці… Нават есці перастала. А аднойчы, крыху пастаяўшы, ціхенька патупала па вуліцы. Як аказалася, ажно ў двор да цёткі Шуры, на другі канец вёскі. І так працягвалася амаль кожны ранак. Бабуля нават спрабавала зачыніць гуску у хляве, але тая скарыстоўвала ўсялякі зручны выпадак, каб уцячы. Аднойчы пры сустрэчы з бабуляй цётка Шура паведаміла:
- Твая гуска закахалася ў майго гусака! Ён заўседы выходзіць ёй насустрач, увесь дзень ходзяць удваіх, асобна ад статка. Што будзем рабіць, сваха?
- Відаць, трэба гуску ў суп – худзее на вачах, - разважыла бабуля. – І дзе толькі яны знюхаліся?..
Але цётка Шура прыдумала іншае выйсце:
- Давай памяняемся! Аддавай мне сваю закаханую гуску, а я табе якую адзіночку адпраўлю.
Так і зрабілі. Цяпер закаханыя гусь з гускай жывуць разам у цёткі Шуры. Уся вёска пра гэта ведае, і ніхто не смяецца.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.