Рукi мацi

Татьяна Цыркунова
Рукі маці – сіла ды пяшчота,
Дужыя, шурпатыя парой.
Часам агрубелыя, як шчотка,
Параўнаю з ліпавай карой.

Колькі працы выканана імі?
Несканчоным лічыцца працэс.
Вы былі анёламі маімі,
Вам па сіле беды ці эксцэс.

Рукі маці з белапеннай скурай,
Мусіць, сам Гасподзь засцерагаў.
Ганаруся матчынай культурай,
Дух яе да кнігі прыцягаў.

Я пярсцёнка не могла ўбачыць,
Працавіта матчына рука.
Шчырым вершам хочацца аддзячыць
Ад запясця і да пазурка.

Рукі маці невымернай сілы,
Нас, дзяцей, ахоўвалі яны.
Дотык маці – жэст ласкава-мілы,
У ім няма няшчырасці-маны.