Дождж за бярозавым гаем

Леонид Пранчак
ДОЖДЖ ЗА БЯРОЗАВЫМ ГАЕМ
леанід ПРАНЧАК

Не хачу, ды павінен змірыцца
І рэальнасць абставін прыняць.
Мне прыемна было памыліцца,
Калі гэта памылка – кахаць.

За танюткаю шырмай залевы
Пад загадкавым зорным сяйвом
Шчасця нашага словы і спевы
Адзвінелі ў душы жаўруком.

Ты – памылка мая, ты – памылка,
Ты – кахання наіўнага дым.
Ты на скроні блакітная жылка,
Што не згодна з рашэннем маім.
Ты – памылка мая, ты – памылка,
Ты падманлівых слоў вастрыё.
Ты на скроні блакітная жылка,
Што пульсуе, як сэрца маё!

Горкі сум развітальнага танца,
Трапяткое паветра трывог.
Час настаў, каб з табой развітацца,
Каб забыць пра цябе я не змог.

Сціхне дождж за бярозавым гаем
Непрыкметна на схіле начы,
Каб не бачыць, як мы засынаем
У адзін аднаго на плячы.

Ты – памылка мая, ты – памылка,
Ты – кахання наіўнага дым.
Ты на скроні блакітная жылка,
Што не згодна з рашэннем маім.
Ты – памылка мая, ты – памылка,
Ты падманлівых слоў вастрыё.
Ты на скроні блакітная жылка,
Што пульсуе, як сэрца маё!

23.03.2023