Лекары

Галина Смок
Праз жытнёвае поле сцяжынкай
Да крыніцы, што ў лузе, пайду.
Змыю чыстай вадою слязінкі,
З ёй размову пра лёс павяду.

Як мне марылася аб каханні,
Ўсё шукала, шукала яго.
Я стамілася ўжо у чаканні,
Што сустрэну мужчыну свайго.

Не сустрэла, а мо не пазнала
Сярод іншых сустрэч я любоў.
Прабяжала гадочкаў нямала,
Не пачула кахання я слоў…

Ціхі ветрык астужвае шчокі
Ад гарачых, неўстрыманых слёз.
І абшар спачувае шырокі –
Ў падарунак натхненне прынёс.

Супакойвае думкі крынічка,
Ў сэрца льецца гаючы нектар,
Знік пахмурны настрой, нібы знічка,
Паказалася сонца з-за хмар.

Праз жытнёвае поле сцяжынкай
Я пакрочу ціхенька дамоў.
Праляцеў час сумненняў хвілінкай,
Нарадзілася быццам я зноў.