Хата бацькоуская

Татьяна Цыркунова
Хата бацькоўская, цёплая, мілая...
Цесная, як там змяшчаліся мы?
Цягне прытулак з вялізнаю сілаю,
Не прыварожаць мяне гмах-дамы.

Хата бацькоўская, боль запаветная,
Як ты змянілася, выгляд чужы.
Ціхая, сціплая – рысы адметныя,
Памяць маю аб сабе, зберажы.

Хата бацькоўская, родная, светлая,
Цьмяны падстрэшак, калыска на ім.
Нібы радзіма да сэрца прыветная...
Доўгаю стужкаю з коміна дым.

Хата бацькоўская, часам маркотная,
Помніш былыя гады, смех ды гам?
Дзе ж ты падзелася, песня журботная?
Родная хата, душы маёй храм.