Бацька

Леонид Пранчак
БАЦЬКА
(Маленькая паэма)
леанід ПРАНЧАК

1.

Сон гэта быў ці ява?
Цяпер усёадно,
Бо помню я
Яскрава
Яго, нібы кіно.

Крый Бог, не святатацтва,
А моц святой вады.
Мой незабыўны Бацька,
Са мною ты заўжды.

Кароткі міг сустрэчы
У садзе ў Пранчаках.
Сутуленыя плечы,
Лагоднасць у вачах.

Няспешнасць і задумнасць.
Празрысты дзень, як звон,
Калі знікае тлумнасць,
А ява, нібы сон.

Сплылі за Яцвезь хмары
І зніклі за гарой.
На светлым простым твары
I годнасць i спакой.

2.

Валёнкі, цёплы швэдар,
Хоць на дварэ цяпло.
Гадоў пражытых veda,
Адкрытае чало.

Лет дзевяноста дзевяць
У бацькі на плячах.
Суняўся вецер веяць.
Прапаў усякі страх.

Яму насустрач з неба
Хтось плыў паверх травы,
Як воблакi адзенне
I нiмб ля галавы.

Вiталiся на сцежцы.
Прыселі на мурог
Сiвы старэнькi Бацька.
Сiвы старэнькi Бог.

Пра нешта размаўлялі,
Смяяліся цішком.
Па чарцы выпівалі,
Закусвалі гурком.

3.

Вакол ні шалясцення,
Хіба што вераб’і
Скакалі ва ўтрапенні,
Каб крошак ім далі.

І бацька побач з Богам,
Ніба ён святы.
Больш не было нікога
На панадворку тым.

Я здзіўлены без меры.
Плашча крануцца б хоць...
Глядзеў на іх і верыў
Цяпер мацней шматкроць,

Што Бог, як бацька, гэткі,
Мне родны і зямны,
Сядзеў і нюхаў кветкі,
Расказваў бацьку сны

Прыгожай нашай мовай.
Як вечнасць, доўгі міг.
Па сцежцы дзьмухаўцовай
Я падышоў да іх.

4.

Быў Бог зусім ня строгі.
Не гэткі, што ўгары.
Ад шчасця і трывогі
Дрыжэла ўсё ўнутры.

Ад бачанага дзіва,
Дзе існасці мяжа,
Шчымліва – да разрыва
Свяцілася душа.

Ад плоці плоць жывая,
Кроў ад крыві яго.
Ад Духу – Дух пылае,
Як ад агню агонь.

Бог з бацькам на сумежку
Быцця і небыцця
Мне пратапталі сцежку
Да вечнага жыцця.

Дзе аніякіх боляў,
Дзе сны – не міражы,
Дзе, я скажу вам  болей:
Прыстанішча душы.

5.

Не ў сілах усвядоміць:
Усё, што бачыў – цуд.
Я слухаў, каб запомніць,
Пакуль жывы і тут.

Іх гутарку і словы,
Іх тэмбры галасоў,
Каб зведаць сэнс высновы,
Што Бог і ёсць Любоў.

Даўным даўно спрадвеку,
Як сонца ў сіняве,
У кожным чалавеку
Нябесны дух жыве.

Па-свойску гаманілі.
Я чуў iх галасы.
Спытаўся Бог:
А хто там?
Прамовiў Бацька:
Сын.

Я сеў ля iх нясмела,
I Бог сказаў тады:
Нарэшце ўсе мы разам:
Сын, Бацька, Дух Святы.

6.

Паветра пацяплела
І ўгору паплыло.
Звінела і трымцела
Нябачнае святло.

Яно не сагравала,
А пранікала ўглыб.
І толькі па-над Богам
Свяціўся белы німб.

А голас і гамонка
Такія ж, як і ў нас.
– Як маешся, Лявонка? –
Гучыць па гэты час.

Нашу я Бога ў сэрцы,
У думках і ў вачах
Таму, што дакранаўся
Я да яго плашча.

Хоць сон гэта,
Хоць мроя,
Але ў жыцці было
Нязгаснае, святое,
Нядзённае святло.

03.03.2024