Туга па Беларусi

Леонид Пранчак
ТУГА ПА БЕЛАРУСІ
леанід ПРАНЧАК
 
Балада
 
Турботны лёс і час.
Расстанне – вырак долі.
Успомняцца не раз
Буслы на жніўным полі.
 
На выгане раўчук,
Крыніц глыбінных сокі,
Дзе я, малы хлапчук,
Кранаў рукой аблокі.
 
Быў выган, як Сусвет,
Падперазаны сцежкай.
Нязведаны сакрэт
Пад кожнаю купешкай.
 
Як гэта ўсё забыць,
Што сэрцу гэтак міла?
Там каня просіць піць.
А, можа, адпрасіла.
 
У вокнах бляск зары,
Вяргіні заірдзелі…
Асеннія вятры
Шумяць, як і шумелі.
 
Той шум у сон плыве.
У сне ж усё магчыма,
Там без мяне жыве
Даўно мая радзіма.
 
З вясны і да вясны,
Нязменная у часе,
Адкуль мой шлях зямны
У белы свет пачаўся.
 
Радзіма, як юдоль,
Жывая ва ўяўленні,
Узгадваць мне дазволь,
У змроку сутарэння:
 
Парог у хаце, дзе
Не раз я нос расквасіў.
Сланечнік на градзе,
Бурак у церпкім квасе.
 
Антонавак святло,
Калі лісцё апала.
Гусінае крыло,
Што ў печы падмятала
 
Чарон, дзе пірагі
Пякліся адмыслова.
І цэркаў, дзе Багі
Маё пачулі слова,
 
Калі маліўся я
На ранку у нядзелю
За маму, за каня,
За яблыню каштэлю.
 
Люблю свой скарб цяжкі.
Ніколькі ён не цяжкі.
У думках па жыцці
Глытком салодкай бражкі,
 
Што кубкам зачарпнуў,
Калі ніхто не бачыў,
І ўпотайкі глынуў
І стольны Менск убачыў.
 
Так захмялеў.
Бо мне
Было гадоў дванаццаць.
Узгадваю і ў сне
Спрабую я ўсміхацца,
 
Бо што тады ўсмактаў
Я з малаком патрохі,
Той век і час мне стаў
Імгненнямі эпохі.
 
Я кожны міг цаню.
Зрэдчас успамінаю
Шматлікую радню,
Якой амаль не знаю.
 
Згубіў яе і знік
Крыві адвечны покліч,
Як з Кавалёў цягнік,
Што з Пранчакамі побач,
 
Знікае кожны дзень
За плаўным паваротам,
Як сонечны промень
Над лазаўскім балотам.
 
Забыў, ды не згубіў.
Забыў, але не страціў
Той край, што змалку быў
Мне родным, нібы маці.
 
Туды я не прыйду,
Не стану на каленкі.
Забуду, як бяду.
Пазбудуся, як стрэмкі,
 
Каб неяк далей жыць
Зацятым і цвярозым,
Каб сэрцам сцеражыць
Бацькоўскія бярозы.
 
Мой зруйнаваны пляц,
Мой затаптаны верас…
Мне засціць вочы плач
Па тым, чаго не вернеш.
 
Расстання дым і золь.
У роспачы і ў скрусе
Крывавіць ранай боль:
Туга па Беларусі!
 
17.02.2024