Калiсьцi жыу тут Ларывон...

Юрий Боровицкий
Будзішча

Калісьці жыў тут Ларывон
Па прозвішчу Бравіцкі.
Вайсковым пісарам быў ён,
Мой родзіч, мабыць, блізкі.

Настаўнікам у школе быў,
Парафіяльнай школе.
Ён хлапчукоў у ёй вучыў
І сеяў бульбу ў полі...

Чаго ў нас толькі не было!
І нават - дзве цагельні.
Хаця і вёска, не сяло,
Але быў млын і мельнік.

І пошта ў нас калісь была,
І школа, і кавальня...
І рэчка Церуха цякла.
Быў клуб, была чытальня...

А потым сорак шэсць мужчын
Загінулі на фронце...
Вайну ліхую з тых часін
Дагэтуль людзі помняць.

У верасні, напрыканцы,
У сорак трэцім годзе
Спалілі вёску, два канцы,
Але пра гора - годзе!

А сёння ў вёсачцы глухой
Такая, людцы, справа:
Амаль няма яе... Ракой
Завецца тут канава...

Даўно разбураны завод.
І не пяюцца песні.
Куды падзеўся мой народ?
І толькі напрадвесні,

Здаецца, чую песні звон:
"Мой хмелю зеляненькі..."
І аддаю зямны паклон
Зямлі, дзе жыў маленькі.

Калі звіняць тут раўчакі
І набрыняюць лозы,
Нясе вада былой ракі
Мае таксама слёзы...

24. 01. 2024 г.

Будзішча - вёска ў Гомельскім раёне. Спасылка: https://ru.wikipedia.org/wiki/Будище_(Гомельский_район)