Каля рэчкі Жалудзянкі,
Мілай Нёмана сястры,
Казкі баюць лапатчанкі,
Сны расказваюць вятры.
Хвалі гойдаюць лагодна
Казкі-сны, і паўстае
Сказ пра гераізм народа
У вялізнейшай вайне.
Тут, ля рэчкі Жалудзянкі,
Людзі добрыя жылі.
Селяніны і сялянкі
Край свой родны бераглі.
Ды зайздросціў люты вораг
Іх шчасліваму жыццю
І пайшоў на іх праз мора,
Злую распачаў вайну.
Выйшлі мужныя мужчыны,
Разам з імі хлапчукі
Захіснуць жыццё Айчыны
Каля роднае ракі.
Горыч, пепел, дым наўкола…
Не пакрыў Святы Пакроў…
Толькі … россып ля касцёла
Залацістых жалудоў.
Слёзы выцерлі жанчыны
І па жолудзе ўзялі
Хто за мужа, хто за сына…
Памаліліся. Пайшлі
Да самотнай Жалудзянкі.
І абапал берагоў
Душы сыпалі сялянкі
Разам з дзеткамі дубоў…
Тут растуць ужо стагоддзі,
Як ахоўнікі, дубы.
Тут шануюць у народзе
Жалудок і жалуды.
Бог мястэчка не пакінуў,
І па сёння ад вякоў
Хопіць у Святых мясцінах
Залацістых жалудоў,
Захіснуць каб край свой родны
Ад вайны і ад бяды.
І мацнеюць з кожным годам
Жалудокскія дубы!