Музыка i паэт

Леонид Пранчак
МУЗЫКА І ПАЭТ*
леанід ПРАНЧАК
Містычная паэма ў 7 частках

Светлай памяці брата АНАТОЛЯ (1948-2022)

1.

Я бачыў смерць,
Я з ёю размаўляў.
Яна, нібы вампір, забрала сілы.
Стаяла ля расхрыстанай магілы,
Каля якой я, згорблены, стаяў.

Хавалі брата. Вечны супакой.
Закрытая труна. Пясок на вечку.
Скразняк дурэў, гасіў з разгону свечку.
І толькі смерць абходзіў стараной,

Што над труной навісла, як туман.
Як воблака ці ледзяная пара.
Збавенне мук альбо папросту кара,
Яна ў рэальнай існасці не зман.

Не чалавекам тая смерць была.
Я чуў і адчуваў яе прысутнасць.
Абрысаў паразбэрсаная мутнасць
Хавала стан, які празрысцей шкла.

***
Цягнула серай, холадам гняло.
Мая душа нібыта зледзянела.
А смерць, напэўна, на мяне глядзела,
Бы свідравала сцюжаю чало.

Патрэсквала паветра, як агонь.
Зіма скавала могілкі здранцвеннем.
Канчаўся дзень на снезе шэрым ценем.
Шчыпала сцюжа голую ладонь.

А смерць маўчала.
Страшная Нішто,
Занятая сваёй звычайнай справай.
Снег падаў і ляцеў нястрымнай лавай,
Шчыміўся жах вужом пад паліто.

Язык ля нёба, быццам нежывы.
Знямелі пальцы рук, нібы лядзяшкі...
Мой позірк стаў асуджаны і цяжкі,
А сам я ўмомант стаў ніжэй травы.

***
Ліпучы страх скаваў маё нутро.
Трасліся ногі, вусны акалелі.
І стыла кроў у кволым ломкім целе.
І сэрца грукацела, як метро.

Але ж яна прыйшла не па мяне.
Хоць я адзін стаяў на відавоку.
І да яе было мне мо паўкроку,
Аж бегалі мурашкі па спіне.

Ад гэтага было яшчэ цяжэй,
Нібы валодаў я яе сакрэтам.
Яна сказала мне ледзь чутным шэптам:
– Ідзі адсюль, сыйдзі з маіх вачэй.

– Куды ісці?
Пра што гаворыш ты?
– Туды, адкуль прыйшоў.
Давай, спяшайся!
І пра нічога болей не пытайся, –
У твар дыхнула бездань нематы.

– Чаго глядзіш, нібы не зразумеў.
Твой прыйдзе час, то я не запазнюся.
Сама без запрашэння заяўлюся.
Ідзі спявай, пакуль твой чутны спеў.

ЧасцІў то моўк касцяны стук зубоў.
Глыбока дыхаў я. Не задыхнуцца б...
Стаяў, як слуп, не ў сілах зварухнуцца
Ад простых, як прысуд, пякучых слоў.

***
Сляза цякла па сІвай барадзе,
Іскрылася ільдзінкай на марозе.
Яна зірнула і ўскрычала:
– Годзе!
Чаго стаіш, нібыта ты ў чарзе?

Я сцехануўся, здзіўлены, нібы
Той голас для мяне гучаў з нябёсаў.
Мне б адказаць, ды стаў я безгалосым.
І духам стаў падпалы і слабы.

Пачуўся шолах прэлага лісця,
Запахла цінай і сырым балотам...
Насіўся вецер стомленым галопам.
Сляпіла ночы цемра небыцця.

Яна сыйшла сама, бо я тупіў,
Нібыта растварылася ў паветры.
Снег не валіў, а сыпаўся салетрай.
Рваў вецер наст і мне па твары біў.

Засыпалі магілу.
– Брат, бывай.
Сказаў не ў голас, толькі змог падумаць.
Такі адчай, нявыкрутка і сумнасць,
Што невыносна...
Проста цераз край.

Як бачыў смерць, не страшна паміраць.
Святло любові смутак асвячае.
А смерць, як ні круці, усё ж жывая.
Я мусіў Вам пра гэта расказаць.

 2.

Я брыў дамоў ні мёртвы ні жывы.
Хадзьба пакрыху сагравала ногі.
А ў галаве пракручваў дыялогі.
Я з ёй на ты, мо трэ было на Вы?

Што ведаў я ў той момант пра яе.
Амаль нічога, закаваны страхам.
Жыццё забраць магла адзіным махам.
Глядзіць, нібыта душу дастае.

Паветра згустак ці ўчарашні снег,
Скрыпучы голас, нібы механічны.
Самотны і крыху меланхалічны.
І словы, падабраныя наспех.

Ілюзія? Бяссоння галасы?
Хто прамаўляў загадкавыя словы?
Так, што адняўся дар адвечнай мовы,
Віхром пад шапкай здыбіў валасы.

Неспадзяванка? Замагільны свет.
Зямля ўцякла з-пад ног...
Я захістаўся.
За вецце дрэў замеценых чапляўся.
“Ідзі спявай!”.
Што гэта?
Запавет?

***
І што цяпер рабіць? Як далей жыць?
Здранцвелая душа адказаў просіць.
Адгаласіла, болей не галосіць,
Але зрэдчас пакутліва дрыжыць.

“Ідзі спявай!”
Ёй лёгка гаварыць.
Сама, нябось, ніколі не спявае.
Нясцерпны боль пачуцці спапяляе.
Мне не да спеваў...
Мне душа баліць.

Брат адыйшоў навек.
Быў, жыў, памёр.
Каханы брат, надзея і апора,
Маё маленства, радаснае ўчора,
А смерць яго – мой смутак і дакор.

Свой кожны верш і песню заўсягды
Я правяраў на ім.
Ён першы слухаў.
Адной крыві, жылі адным мы духам,
І вось сыйшоў, балесны ён, туды

Адкуль няма ні звестак, ні дарог.
І слова “быў” гучыць, як развітанне.
А брацкую душу без шкадавання
Забрала смерць альбо паклікаў Бог.

***
Брат для мяне – дзівосны цэлы свет.
Мае ўсе песні, што напамяць ведаў,
Мой абаронца ад трывог і бедаў,
Сам у душы рамантык і паэт.

Ён іх панёс у вечнае жыццё,
У ціш нябесны прывіднага раю.
Ён там спявае іх.
Я гэта знаю
Падспудным, пэўна, шостым пачуццём.

Мне засталася ў спадчыну любоў,
Што ён дарыў даверліва і шчодра.
Мне з ім было і хораша і добра,
Як больш не будзе аніколі зноў.

Сказаў: “Бывай”, ды не асэнсаваў
Вялікай страты, што збядніла сэрца.
Ад добрых слоў няхай ён усміхнецца
З вышыняў тых, куды Гасподзь забраў.

А мне далей зямны шчымлівы боль
Нясці датуль, пакуль наканавана,
Каб зажыла з гадамі ў сэрцы рана,
Самоты несуцешная юдоль.

Змірыцца, што яго ў мяне няма.
І жыць сваім жыццём даўно панылым,
Якое ёсць ды і было мне мілым,
Хоць лета, хоць дрымучая зіма.

Тры чаркі вып’ю я за супакой.
І больш не трэба. Так вучылі продкі,
Каб горкі сум не стаў віном салодкім,
Калі жалоба зменіцца тугой.

3.

Прыйшоў дамоў, упаў на ложак і
Як праваліўся ў сон і спаў да рання.
Прачнуўся і адчуў святлынь адхлання,
Нібы пасля прычасця стан такі.

Прыпомніўся мінулы скрушны дзень.
Даслоўна прыгадалася размова.
Што смерць казала, помню слова ў слова.
А калі так, то ўсё зусім не дрэнь.

Вось толькі мучыў падсвядомы страх.
Мо, я прысніў, а, мо, цяпер прыдумаў.
Балела галава ад цяжкіх думаў.
Пяском трашчала гора на зубах.

Гучалі словы ў памяці маёй,
Нібы рэфрэн, бы дзіўнае пасланне,
Нібы яны маё выратаванне
З няпростай сітуацыі такой.

– Ідзі спявай!
Нібы загад нябёс.
Бяда ў мяне і я спяваць не рады,
Калі паўсюль раздраі, спрэчкі, звады
І хмарамі засланы шлях і лёс.

У чым шукаць палёгку для душы,
Калі наўкол так хістка і няпэўна?
А мне так непамысна, ненапеўна!
Шчымлівы верш, мой смутак калышы!

Але няма ніякіх лекаў больш,
Каб у рэальнасць шэрую вярнуцца.
І прагне сэрца словам падмануцца,
Каб толькі сцішыць свой фізічны боль.

“Ідзі спявай!”.
Хоць нешта, каб забыць
Падзей штодзённых нудную бясконцасць.
І дні, такія доўгія без сонца.
Ідзі, ідзі, ідзі!
І хопіць ныць!

Паэту немагчыма без тугі.
Яна яму, як музыка патрэбна,
Тады, калі зусім на сэрцы дрэнна,
А па-за сэрцам – роспач і даўгі.

***
У цэнтры Мінска Музыка жыве,
Яна нібы таемная хімера.
Паўсюль-паўсюль, няхай яе халера,
Але найбольш у тлумнай галаве.

Ад Баха да нікчэмнае папсы.
Якая сцэна, гэткія ж ваганты.
Які слухач, такія ж музыканты.
Які аркестр, такія ж галасы.

Вядома, што спяванне ¬– Божы дар.
Прыгожы голас – шэрых дзён аздоба.
Таму спявак – выключная асоба,
Ён сам сабе зусім не гаспадар.

Бог талент даў, і можа Бог забраць.
Бо гэта не гран-пры, а пакаранне.
Размова з Богам – існае спяванне.
Адзінкі могуць толькі так спяваць.

Я ведаю у твар хто можа так.
Я іх люблю, я іх абагаўляю.
Імёнаў іх я тут не называю.
Мне іх спяванне, нібы лёсу знак.

Вы ведаеце ўсіх да аднаго.
Не так іх шмат у мілай Беларусі.
Я ім у пояс нізка пакланюся.
Хай выбачаюць, як забыў каго.

Ёсць Песняры, Сябры і Верасы,
Два альбо тры выдатныя салісты.
Яны з вялікай літары Артысты.
Я іх люблю, люблю іх галасы.

Без прозвішчаў няпоўны пералік.
Ды я не буду больш казаць пра тое.
Пераліваць з парожняга ў пустое
Ня ўмею, не хачу і не прывык.

4.

Сапраўдных спевакоў паўсюль няшмат.
Не называю іх, хай не крыўдуюць.
Астатнія няхай не лемянтуюць.
Наступны раз назваць іх буду рад.

Мець ад прыроды голас важна. Ды
Валодаць ім патрэбна навучыцца,
Каб на вяршыню самую прабіцца.
Адзігкі толькі, што дапнуць туды.

У большасці – рамеснікі.
Яны
За гэта свой акраец хлеба маюць.
І пад фанеру таньчаць і спяваюць,
Апранутыя ў шоўк ці лахманы.

Яны сябе ўсе “зоркамі” завуць.
Падман такі наіўна-несвядомы.
Яны не зоркі, а хутчэй фантомы,
Таму што зоркі так не існуюць.

Ды ўсіх нясцерпна цягне на Алімп,
Дзе правіць баль спакуслівая слава,
Дзе кветкі, грошы, поспех, біс і брава,
Так што вось-вось і можа ўспыхнуць німб.

Але не ўспыхне, бо няма прычын.
Пасрэднасць ёсць пасрэднасць, не мастацтва.
Спяваць фальшыва – гэта святатацтва.
Прыемней слухаць пошум арабін.

Такіх багата “псеўдазорак”, што
Не маюць паклікання і не мелі.
Яны таўкуцца на музычнай мелі,
І так жывуць, імя ўсім ім – Ніхто.

***
Ці ёсць у Беларусі зоркі? Так!
Але сярод папсы іх вельмі мала.
Патрэбны талент, зорка каб заззяла.
Іначай не адбудзецца мастак.

Да прыкладу, Мулявін зоркай быў,
Сапраўднай і прыгожай, недасяжнай.
Ён і цяпер з прасторы неабсяжнай
Ён зоркай свеціц, як дасюль свяціў.

Мулявін – Богам вызнаны Пясняр,
Вялікі, найвыдатнейшы музЫка.
Душой спяваў, не ганьбіў сцэну крыкам,
Мелодый і гармоній уладар.

Папросту – геній, Божы чалавек,
Што талентам сваім радзіму ўславіў.
Ён выключэнне з паўсядзённых правіл.
На жаль, кароткім быў ягоны век.

Ён мой кумір. Кумір маіх дзяцей.
Люблю ягоны голас неўміручы,
Пранізлівы, зацяты і балючы:
Фатальнасць лёсу, прывіднасць надзей.

Няма нікога, роўнага яму,
Бо ён такі адзіны ў цэлым свеце.
Я веру, што заявіцца нарэшце
Той, пакланяцца хочацца каму.

Зямлі маёй пакутлівай Прарок,
Выказнік думаў простага народу!
Нізвергне ён папсы сярмяжнай моду
І спевам дух падыме да аблок.

Падхопіць ён мулявінскі матыў
Па свеце, дзе раскіданы каменні,
Заб’ецца сэрца ў хмельным захапленні
І ўзыдзе песня там, дзе морак быў!


5.

Гамоняць людзі: ёсць такі спявак.
Тутэйшы, не пустышка, не халтуршчык.
На выгляд просты, як вакзальны грузчык:
Красоўкі, джынсы, барада, пляцак.

З’явіўся ён не раптам, з-за вугла,
Высокі, вуглаваты, з нейкай вёскі.
Напорысты, няўрымслівы і дзёрзкі,
І жартаўнік гарэзны: бла-бла-бла.

Нястомны жыўчык, хлопец-весялун.
Спявае, як умее, ды затое,
Відаць адразу – сэрца залатое.
Ну і, канечне, добры балбатун.

Не трэба хлеба, дай пагаварыць.
І паспяваць, каб пляскалі ўсе ў ладкі.
Да песень ён, нібы да мёду, падкі.
Спявае так, што ў правадах іскрыць.

Артыст ад Бога. Рот раскрые і,
Як гром вясновы, шквал апладысментаў.
Залежны ад чуллівых сантыментаў,
Заўжды ў руху, заўжды на вастрыі.

Васіль Кастрыца (пра яго тут я)
Закінуў балалайку на гарышча
І стаў спяваць ды так, што рак на горцы свішча,
Калі пачуе песні Васіля!

Даўно на сцэне.
Поспеху ж не меў,
Пакуль не заспяваў па-беларуску.
Сабе ён не даваў ніколі спуску
І лёсам стаў яму ягоны спеў.

Самааддана, як на знос, спяваў.
Выкладваўся напоўніцу заўсёды.
Радзіма – Беларусь.
З такой нагоды
Любімцам вёсак ён, як бачыш стаў.

Сябры, матуля, хата, родны кут,
Вярба, бульбоўнік, мова, зоркі, вёска...
Пайшла аб песнях гэтых пагалоска,
Загаварылі людзі там і тут.

Па Беларусі розгалас пайшоў.
І ён спяваў паўсюль, дзе запрашалі.
Як доўга людзі добрыя чакалі
Пачуць чароўны спеў спрадвечных слоў!

Сам пачынаў ён песню, а пасля
Заведзеная зала паўтарала:
– Спявай яшчэ!
Спяваў.
А ім замала.
Яшчэ! Яшчэ!
Чуцён быў спеў здаля.

Гудзела зала:
– Песні ўсе пра нас,
Крыляў пад небам спеў па-беларуску,
Хто самагонку нёс, а хто закуску,
Аддзячыць каб артыста нумар раз.

Гудзеў і таньчыў гулка эрдэка**,
Гарланіў песні, нібыта на падпеўках,
Сцягі луналі на кароткіх дрэўках,
Скупой слязой крапілася шчака.

6.

Вось і кумір табе, мой родны люд,
Які спявае лёгка і даступна,
Шчымліва, звонка, весела і рупна,
Таму табе жаданы ён і люб.

Такі Песняр ад плуга і касы,
Вясковая натура і мысленне.
Стаў знакамітым у адно імгненне
Для ўсіх тутэйшых і на ўсе часы.

Нарэшце дачакаліся свайго
Паэта вёсак, сёлаў і пасёлкаў.
Што б ні казалі, хто чаго б не войкаў,
Няма нікога лепей за яго.

Фартуна выбірае не слабых,
А тых, каго яна пасля палюбіць.
Альбо ўзнясе, альбо навек загубіць.
Хапае тут такіх, і не такіх.

Вось тут як пашанцуе.
Журавель
У рукі яму даўся: падфарціла,
Бо талент – наймагутнейшая сіла,
А эйфарыя поспеху, як хмель.

Так, ён такога моманту чакаў,
І быў гатовы стаць такім кумірам,
Прыкольным, добрым, непадробна-шчырым.
Гатовы быў, таму ён ім і стаў!

***
Мой брат любіў, калі спяваў Васіль.
Казаў:
– Ён наш, гаворыць, як вясковы.
Натуралёвы і невыпадковы,
Спявае, як за рэчкаю кавыль.

Спявак любімы, просты, як народ.
Таму яго мне слухаць асалода.
Ён плоць ад плоці роднага народа.
А песні, як палёгка ў час нягод.

Адчуць душу чужую зможа той,
Хто сам пазнаў жыццё, хто досціп мае.
Ды мала тых, чыя душа спявае
Пнароднаю пяшчотай і журбой.

А ён так чула, хораша спяваў,
Што зазвінелі вершы ў стылі новым,
Бы жаўрукі над ворывам вясновым,
Таму што вершам тым ён крылы даў.

Брат слухаў да сваіх апошніх дзён
Мелодыі, што паядналі душы.
І боль сціхаў яго і моўклі сцюжы,
І раздаваўся ў полі бомаў звон.

7.

Спяваюць птушкі, радасць ці бяда.
Дажджом і снегам смутак ападае.
Жыццё ляціць і свечкаю згарае.
І кожны дзень бязрадасны шкада.

Спяваць ці не спяваць?
Быць ці не быць,
Калі вакол такое сутрасенне?
Як адмяніць душы сваёй натхненне.
І ўвогуле: любіць ці не любіць?

“Ідзі спявай!”
Мне наказала смерць.
Дык мо паслухаць і не заглыбляцца,
Спяваць, каб выжыць і жывым застацца!
Спяваць, каб у віхурах ацалець!

Спеў трэба тым, хто слухае цябе,
Каб зразумець, што ёсць на свеце радасць,
Каб адалець свой гнеў, бяду і слабасць,
Каб не нудзіцца ў горы і жальбе.

Быць голасам людзкім і песняй іх:
Вось твой удзел і шлях, табой абраны.
Спяваць, хоць завірухі і туманы,
Эмоцыі каб білі прама ў дых.

Каб задрыжэла дробная сляза,
Каб пранізала думкі ўсведамленне,
Што вось яно, цудоўнае імгненне,
Як зоркі бляск на кончыку ляза!

***
Васіль Кастрыца, як там у палях?
Дай мікрафон, а сам спачні з дарогі.
Ты ўвесь сапрэў, пакуль мясіў аблогі,
Пакуль адолеў да Алімпу шлях.

Прывык? Кайфуй, бо хутка адвыкаць.
Такая дыялектыка шоў-бізу,
Не апранай, крый Бог, пагарды рызу,
Тады яе не прыйдзецца скідаць.

Ты паспяваў, цяпер і мне дазволь.
Не важны голас, імідж і актавы,
Каб прычыніцца да вялікай справы.
Галоўнае, што ёсць у песні соль.

Мае тут вершы, музыка твая.
І до, і рэ, і фа, і ўсе сем нотаў.
Палёў раздолле, ціхі шэпт балотаў.
Бусліны клёкат, посвіст салаўя.

Як супадае музыка і верш,
Тады і песня зернем прарастае.
Мелодыя шчымлівая, святая,
Не ажыве, пакуль не запяеш.

***
Я не спявак, а хочацца спяваць.
Хоць мармытаць пад нос прыпеву ноты.
Здавалася б, ну колькі той работы:
Чужое сэрца словам хваляваць.

Я гэта неаднойчы спрабаваў,
Нягледзячы на ўсе перыпетыі,
Дзе тут свае, а дзе і хто чужыя,
Ніколі я людзей не падзяляў.

Бо ўсе мае!
Усе, хто тут жыве.
З кім я дзялю паветра, неба, сцежку,
Скарынку хлеба, рызыку і ўсмешку,
Світальны дождж і дзьмухаўцы ў траве.

Для іх пішу, для іх спяваю я.
Каму яшчэ мае патрэбны спевы?
І мне няважна правы ты ці левы,
Мне важна, што мы ўсе адна сям’я!

І Беларусь у нас на ўсіх адна!
Адна і непадзельная Радзіма.
З блакітнымі і рознымі вачыма,
Жаданая заўсёды, як вясна.

8.

Калі паўсюдна лаянка і блуд,
Так хочацца спагады і цяпельца,
Каб узбадзёрыць зношанае сэрца,
Каб зразумець, што шчасце толькі тут.

Шкада, што не музЫка я пакуль,
Паклаў бы словы гэтыя на ноты.
І склаў бы песню міру і пяшчоты,
У свеце без ракетаў і без куль.

Калі трасецца ад узрываў свет,
Здавалася б, што спевы недарэчы.
Як нішчаць род нявінны чалавечы,
Няўжо павінен вусны сцяць паэт?

Чаму сказала смерць:
“Ідзі спявай!”?
Таму што час пяяць, калі пяецца,
Калі дыктуе раненае сэрца
Радкі любові пра радзімы край.

Пра тых, каго кахаю і люблю,
Спяшаюся я ў гэтым ім прызнацца,
Бо дні жыцця, як коні, праімчыцца.
І прыйдзе час, каб легчы мне ў зямлю.

Васіль Кастрыца, слухаеш ці не?
Мы тут з табой адныя засталіся.
Пакуль спяваю я, ты памаліся
За родны край, сланечнік і мяне.

Каб Бог паслаў дабраслаўленне спраў,
Бярог у вандраваннях і прыгодах,
Каб падтрымаў анёл на слізкіх сходах,
Каб ты спяваў, а я табе пісаў.

***
Адно жыццё.
Такое, як цяпер.
Інакшага няма, а жыць то трэба.
Я жыў заўжды папраўдзе, бачыць неба,
Любіў і дзеіў людзям напавер.

Ахрыпнуў голас, змоўкнуў мікрафон,
Ды засталася слоў надрыўных споведзь,
Мой шчыры спеў, радкоў маіх аповесць,
І воплескі, як падцвярджальны фон

Таго што, як спяваеш, то жывеш.
І смерць тады хаваецца ў акопы.
Яна баіцца ямба і сінкопы,
Што ні кажы, а з песняй сэрцу лепш.

Мо хтосьці скажа: замаўчы, Пранчак!
Дык я спяваў заўжды, наколькі помню.
Я веру, спеў, падобна лета промню,
Змяняе  свет, хоць гэта і няўзнак.

Радкі кладуцца спорна, як пракос.
Ільецца голас сіпла і няроўна,
Але мяне Вы любіце ўсёроўна,
Бо я люблю Вас горача, да слёз.

9.

Чакаць, калі надыдзе песень час,
Па шчырасці, зусім не выпадае.
Спявай, калі твая душа жадае.
Спявай, ды так, нібы апошні раз.

Васіль Кастрыца, голас прамачы.
І пачынай па-новаму распеўкі.
Да Беларусі шлях, нібы да Меккі,
Праз снег і град, балоты і карчы.

Рабіць усё, што трэба па жыцці.
Пасля, што будзе, тое хай і будзе.
Ляпей спяваць, чым калупацца ў брудзе.
І не чакаць, а ўпоцемках ісці.

І памятаць, што за парогам смерць.
Дні не лічыць і не нудзіцца марна.
Хай за акном і холадна і хмарна,
Сагрэйся сам і паспрабуй сагрэць

Таго, хто страціў веру, сіл запас,
Таго, хто побач празябае ў скрусе.
Мы дойдзем да каханай Беларусі,
Тады Гасподзь успомніць і пра нас.

***
Я бачыў смерць.
Я з ёю размаўляў.
Ледзь адыйшоў ад той цяжкой размовы.
Мінуўся год, а я ўсё помню словы:
– Ідзі спявай!
І я, як мог, спяваў.

Паслухаю той спеў і светла мне.
На зломе часу, на ліхіх віхурах
Іду здалёк праз непагадзь па гурах
Я на ліхтар, што свеціцца ў акне.

Там жыў мой брат у доме, што ў снягах.
Любімы брат, мой незабыўны Толя.
Гарушчы лёс, нярадасная доля
Свой бачыць дом з партрэта на кладах.

Смерць – суцяшэнне ўсіх былых трывог.
Тупік жыцця, канец зямной дарогі,
Апафеоз мучэнняў і знямогі,
Ноч без святла, прытулку цёмны лёх.

Па-іншаму ўспрымаецца жыццё,
Калі душа яе спазнае холад.
Бальней за боль, страшней за сум і голад,
Начэй і дзён апалае лісцё.

Найбольшы скарб – у міры век пражыць,
Пагодны ранак з кубкам чорнай кавы,
Вятрыска з-за ракі, як кот, ласкавы
І ўсё, чым сэрца любіць даражыць.

10.

Я ведаю цяпер, што важна мне,
Раставіў час жыцця прыярытэты.
На жаль, не бессмяротныя паэты.
На шчасце, мабыць, праўда не ў віне.

Прабачу ўсіх, хто крыўду мне дарыў.
І папрашу мяне за боль прабачыць,
Аддзячу тых, каго не ўспеў аддзячыць,
Каму патрэбных слоў не гаварыў.

“Ідзі спявай!”.
Мне суджана спяваць.
Мне музыка не забаўка пустая.
О, музыка, ты птушка залатая.
Я не хачу цябе ў сабе трымаць.

Дзе музыка жыве, там гіне смерць.
Дыхання вечнасць пад яе гучанне.
Яна маё збавенне і каханне,
Што можа ў срэбра пераплавіць медзь.

Бо струны скрыпкі – сонца прамяні.
Іх музыка –  паэзія Сусвету.
Бог даў пачуць Музыку і Паэту
Арган нябесны ў поўнай цішыні.

Бо цішыня – вяршыня хараства,
Калі змаўкаюць гукі ў наваколлі,
Бекары ўсе, дыезы і бемолі
Маўчаць і чутна, як расце трава...

Жыццё – адно, кароткі дзіўны міг.
Лёс чалавечы знічкай абарвецца,
Мелодыяй здарожанага сэрца
І песняй ветру, што ў галлі заціх.

***

Васіль Кастрыца, твой чакаю трэк
З наступнай песняй, што мяне расчуліць,
Што загучыць над мітуснёю вуліц,
Пад поўняй снежня, над маўчаннем рэк.

Пачуе брат, пачуе родны люд,
Паўторыць словы зморшчанае неба.
Ідзі, спявай! Бо ўсім нам гэта трэба!
Як свята, як святло, як дзіўны цуд!

Хто хоча слухаць, той пачуе.
Хто
Не хоча чуць, няхай сабе не чуе.
А нас з табою музыка ўратуе.
Што прыгажэй за музыку?
– Нішто!

15.01.2023

* Ранейшая назва “Нішто”.
** раённы дом культуры.