Матуля

Наталья Кондрашук
Я з усіх шляхоў, далёкіх, блізкіх,
Да цябе спяшаюся, матуля.
І мяне ласкава, як калісьці,
Рукі найдабрэйшыя прытуляць.

Пацалую цёплыя далоні,
Што і ў сцюжу сэрца саграваюць,
А калі заплачу ў сумным стогне,
Моўчкі слёзы болю выціраюць.

Зазірну ва ўсмешлівыя вочы,
Быццам у нябёсы акунуся.
Нам гаворкі хопіць аж да ночы,
Перад сном з табою памалюся.

Будзеш ты мяне заўжды чакаці.
Дома целам і душой утульна.
Гэта шчасце – мець такую маці,
Мамачку, мамулечку, матулю.

(Са зборніка "Жаночыя мары")