Расправіў белы бусел крылы –
У небе цудадзейны Крыж.
У харастве маёй Радзімы –
Шыкоўны, велічны Нясвіж!
І адлюстроўваюцца ярка
Ў імпрэзах сіняй пекнаты
Сцяжынкі ўдумлівага парка
І таямнічасці сляды…
Абрысы Цмока-абаронцы
Мерыдыянамі вякоў
Уплецены ў праменні сонца
І круцяць млын маладзікоў.
На небе зоркі карагодзяць,
А ты – у промнях зіхаціш.
Ляцяць няўмольныя стагоддзі,
А ты квітнееш, наш Нясвіж!
Сівую бараду ў крыніцах
Твой лёс даўно прапаласкаў…
Бяжыць Уша, пяе званіца,
Зноў у цябе так многа спраў!
Нясвіж! Свабодны, працавіты!
Ты восем соцень на кані!
Аддана моляцца ракіты,
Засцерагаюць карані,
Каб больш не плакаць над сынамі,
Не суцяшаць у горы ўдоў,
Каб дзеці змрочнымі часамі
Не пакідалі берагоў…
Твой кожны крок, уздых – бясконцасць,
І святасцю іскрыцца Крыж!
Ты як намоленае сонца,
Будзь бласлаўлёны, наш Нясвіж!