Воробьиные ночи

Надежда Момлик 2
ВЕРАБ’ІНЫЯ НОЧЫ

Салаўіны напеў, вераб’іныя ночы…
Так імгненна ляцяць, бы хвілінай адной.
Не стае часу сніць незабыўныя вочы,
Што бываюць у снах мімалётных са мной.

Змрок нядаўна зусім апускаўся над долам,
Ды на ўсходзе, як мак, ружавее зара.
Ранак толькі яшчэ ледзь прыкметны і кволы,
А ўжо ночы памост пакідаць свой пара.

Неспакойлівы сон зноў абуджаны знічкай,
Што пагасла ў абдымках сярэбраных рос.
Светлым ранкам іду да знаёмай крынічкі,
Поіць водарам хмельным  прывялы пакос.
 
Сонца летні свой баль ладзіць зноў над прасторай,
Дбайна сцеле квяцісты кілім на лугі,
І рамонкавы рай – белапеннае мора,
Аздабляе пяшчотай мой край дарагі.