З чаго саткана лета

Надежда Момлик 2
Саткана лета з сонечных крыніц,
З бавоўнава-сярэбраных аблокаў,
З грымот зіхоткіх цёплых навальніц,
З мядовых ліп, з малінавага соку.

З язмінавага водару ў садах,
З птушыных пераліваў шматгалосых,
З духмянасці пакосаў у лугах,
З караляў залатых світальных росаў.

З валошкавых усмешак ля сцяжын,
І з шэпту каласоў прыціхлай нівы,
З прывабнай чарнавокасці ажын…
Каб толькі ўсім яно было шчаслівым.