Дзве радзiмы

Наталья Кондрашук
Я Богу вельмі ўдзячна за цябе,
Куточак мой пушчанскі запаведны.
У час любы – у радасці, журбе –
Твой водар для мяне заўжды адметны.

Распавядаюць волаты-дубы,
Як Вітаўт і Ягайла палявалі,
Пра тое, як знікалі тут зубры
І адраджаліся ад Пугінала.

Няхай струменіцца вада Лясной
І ў Буг нясе пушчанскія ўспаміны.
А ў Камянюкі я прыеду зноў,
Куды бы лёс нястомны ні закінуў.

І для мяне калысачка жыцця
Не атрымае статус небыцця.

Не атрымае статус небыцця
І Кобрын у маім жыцці і сэрцы.
Так сталася: павінна тут быць я,
Другой радзімай Кобрын назавецца.

Я палюбіла гэты гарадок,
Дзе рэхам адгукаюцца стагоддзі.
Пачую часам каралеўскі крок,
Зноў парк аповедам закарагодзіць.

А ланцужок блакітны Мухаўца
Падперазаў мне мрояў зіхаценне –
П’ю асалоду трапнага слаўца
І прыгаршчамі чэрпаю натхненне.

Ты, Кобрын, лёсам стаў маім цяпер –
Я Богу вельмі ўдзячна за цябе.