Скарб жаночы

Вера Михно
Дзіця, сараматою не кранутае,
Купаецца ў рацэ, шчабеча птушкаю,
Але цнатліва цельца пласкагрудае
Прыкрыта ўжо ніжэй падпашкаў стужкаю.

Падлетак - пухіркі ледзь-ледзь адскочылі.
Смяюцца: прыпякай прышчы зялёнкаю.
Апусціць сарамліва долу вочанькі
Ды шчыльна захіне сукенку тонкую.

Два яблыкі салодкія, даспелыя
Дзяўчыны стан спакусліва ўпрыгожылі.
На іх адчуўшы рукі надта смелыя,
Спыняе аплявухай хама кожнага.

Жанчына-маці грудзі набрынялыя
Ад воч дурных хавае заклапочана.
З малітвай крыжам тройчы пакрывае іх,
Крый Божа, малако каб не сурочылі.

І дзве пустыя торбачкі жабрачыя
На рэбрах цёткі тайнамі вялікімі -
Хаця б мужчыны ўбогасці не бачылі
І з рагатаннем пальцамі не тыкалі.