Святло пераможа

Наталья Кондрашук
Бязлітаснасць ночы
Маю захапіла свядомасць.
Я цемраю крочу
Далёка ад роднага дома.

Блукаю ў імжышчы,
Спяваю жалобныя песні.
Жыцця папялішча
Мяне сустракае ля весніц.

Але з небакраю
Заззяе надзеі праменьчык.
Цярпліва чакаю,
А сэрца скуголіць і енчыць.

Святло пераможа,
І зноў напаткаю я шчасце.
Даруй, Святы Божа,
Грахі, беражы, каб не ўпасці.