Ты ад зiмовага ветру хмялела...

Леонид Пранчак
ТЫ АД ЗІМОВАГА ВЕТРУ ЎХМЯЛЕЛА...
леанід ПРАНЧАК

Ты ад зімовага ветру ўхмялела,
Ты пазірала гулліва і смела,
Так, што душа, як травінка, трымцела.
Бэла.

Морак вачэй тваіх цёмных, як хмара.
Плакаў раяль і маўчала гітара.
Рук белізна і падатлівасць цела.
Бэла.

Голас пранізваў, а смех заварожваў.
Песня плыла над Дняпром і над Сожам,
Сцюжа насілася і не цішэла.
Бэла.

Чорныя косы зіма растрапала.
Чорнае неба табе падпявала,
Я не заўважыў, як стала ты белай,
Бэла.

Голас дрыжаў, а маўчанне звінела.
Зоркай скацілася, знічкай згарэла.
Помню цябе, мне ты не адбалела,
Бэла!

03.02.2023