Грэе сэрца Айчына...

Леонид Пранчак
ГРЭЕ СЭРЦА АЙЧЫНА...
Леанід ПРАНЧАК

Пакручастая сцежка
Праз надрэчны гушчар.
Ведзьма* – соннай усмешкай
Мне ўглядаецца ў твар.

Крыж за вёскай жалезны
Пахіснуўся, панік.
Хрыплы голас балесны
Больш падобны на крык.

Я даўно ўжо змірыўся
З тым, якое жыццё.
І прасіў, і маліўся...
Зараз толькі ныццё

Засталося ад болю
Развярэджных ран.
Мне б цяпла і спакою
І нямулкі дыван.

Стынуць мокрыя ногі
На адліжным шляху.
Я здарожыўся трохі
На жыццёвы вяку.

Кінуў хату і поле,
Не засеяў раллю.
Я шукаў тую долю,
Што душой палюблю.

Летуценнік наіўны,
Свой пакінуў парог.
Каб убачыць Айчыну
На развілцы дарог?

Як на ўсход мне падацца,
Што вярнуся не факт.
Па сумётах бадзяцца
Гіблай рызыкі шмат.

Думаў захад – ратунак,
А калі паспытаў,
Хлеб чужы не ласунак.
Мне ён не смакаваў.

Поўдзень вабіў красою,
Ды трывожыў агнём,
Горам, жалем, бядою,
Што ўвайшла ў кожны дом.

Я падаўся на поўнач,
Дзе гілі-снегіры.
Паслізнуўся і потырч
Грымнуў з лысай гары.

Што ж тады застаецца,
Дзе Айчыны выток?
Цела грэшнае рвецца
У бацькоўскі куток,

Дзе і сцюжна і люта,
Дзе бярозавы дым,
Дзе маленства прыкута,
Ці прывязана чым

Да разбітае сцежкі,
Да буслова гнязда,
На балотнай купешкі,
Да зуброва сляда.

Свой куток мне няцёмны
Пры святле арабін.
Бо я тут не бяздомны,
Бо я тут не адзін.

Ох, Айчына-Айчына,
Дзе твой казачны лек?
Ты, як мроя-жанчына,
Што шукаў цэлы век.

Ты, як маці-матуля,
Што любога мяне,
Прыгалюбіць, прытуліць,
Словам не папракне.

Ты, жывая крыніца,
Што нязводна бурліць.
Колькі піць – не напіцца,
Смагу не наталіць.

Ты, як лісце таполі
На вясковых кладах,
Што праз далеч міжволі
Асвятляе мой шлях

Шлях дадому, дахаты
У гаркавай жальбе.
Шлях да мамы, да таты.
Значыць, і да цябе,

Той спрадвечнай Айчыны,
Дзе жыццё і любоў.
Змалку, прысна і ныне
І на векі вякоў.

Мерзне ў полі каліна,
Зруб трашчыць па начах.
Грэе сэрца Айчына
На вятрах-скразняках,

Як малітва хрыстова,
Як каханай ладонь,
Як матуліна слова,
Як нязгасны агонь!

01.01.2023

* Ведзьма – рака ля вёскі Пранчакі.