Бiяграфiя паэта Леанiда Пранчака

Леонид Пранчак
БІЯГРАФІЯ ЛЕАНІДА ПРАНЧАКА

Леанід Іванавіч ПРАНЧАК, паэт, драматург, журналіст.

Літаратурнае імя -- леанід ПРАНЧАК (Леонид ПРОНЧАК, Леонид ПРАНЧАК, Leanid PRANCHAK, Leonid PRONCHAK, Leanid PRANCAK, Leanid PRANCHAС).

Нарадзіўся 12 лістапада 1958 года ў вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, факультэт перападрыхтоўкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры АН СССР.

Працаваў журналістам у ляхавіцкай раённай газеце, на гарадскім радыё г.Нерунгры (Якуція), на Магілёўскім абласным радыё, вядучым тэлепраграмы “Крок” Беларускага тэлебачання, у рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў, тэатры-студыі «Верасы» Васіля Раінчыка, у дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі, уласным карэспандэнтам газеты «Рэспубліка»,  мастацкім кіраўніком прадзюсерскага цэнтра “Спамаш”.
Быў сябрам Саюза журналістаў СССР і Саюза пісьменнікаў СССР.

Аўтар кніг вершаў «Ясак любові» (1988), «Першапутак» (1988), «Дзяўчынка беларуска» (1993), «Вольны птах» (1998), «Біблія для каханай» (1998), “Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю” (1999), «Цік-так, ходзікі” (2001), “Цар-царэвіч з Івацэвіч” (2001), “Мама, тата і Агата” (2002), мастацка-дакументальнай кнігі «Беларуская Амерыка» (1994).

Падрыхтаваў да друку:
кнігі лірыкі “Панскі сад” (2008, рукапіс), “Сёмае неба любові (2015, рукапіс), “Я цалую цябе, апякаючы вусны” (2021, рукапіс), а таксама  “ВЛК” (лібрэта і п’есы, 2020, рукапіс), “Цёмнавокая пані” (тэксты песень і рамансаў, 2012, рукапіс), “Блудніца” (раман у вершах, 2022, рукапіс), “Пранчачок і Пранчачыха” (вершы і песні для дзяцей, 2010, рукапіс), “Вандроўнік Мурлыка” (дзіцячая казка, 2021, рукапіс).

Больш за 1000 вершаў паэта пакладзена на музыку.

Сярод іх народныя шлягеры «Даставай, Язэп, гармонік!», “Добрай ночы!” (музыка Зм.Яўтуховіча), «Каля Чырвонага касцёла», “Хлеб ды соль” (музыка Л.Захлеўнага), «Сумны саксафон», «Цік-так, ходзікі!» (музыка Э.Ханка), «Сто гадоў!» (музыка М.Сацуры), «Талака», (музыка І.Паліводы), «Каханая» (музыка В.Іванова), “Родны край” (“Сланечнік”) (музыка В. Карпанава) і інш.

Выдаў аўдыёальбомы песень: “Талака” (1998), “Пад зоркаю Пагоні” (1999), “Цік-так, ходзікі” (1999), “Між Нью Ёркам і Менскам” (2000), “Пяшчота” (2000); кампакт-дыск “Галоўныя словы” (1998), "Беларусь, ты -- мая!" і інш. у выкананні ансамбляў “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, “Бяседа”, "Дразды", спевакоў Валерыя Дайнека, Юрыя Багаткевіча, Анатоля Кашапарава, Анатоля Ярмоленка, Леаніда Барткевіча, Міколы Скорыкава, Ірыны Дарафеевай, Іны Афанасьевай, Івана Буслая, Алёны Ланской і інш.

Песні на вершы Леаніда Пранчака неаднаразова станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, выдаваліся ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Украіне, Польшчы, Румыніі, Аўстраліі, Бельгіі.

Аўтар лібрэта музычных кампазіцый «Максім», «Беларушчына» (кампазітар І.Палівода), пастаўленых дзяржаўным канцэртным аркестрам Беларусі, песен  да спектакляў “Рыцар ордэна Сонца” (п’еса П.Васючэнка) Беларускага акадэмічнага тэатра юнага гледача (Мінск), "Пясняр" (п'еса В.Дранько-Майсюка) Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага, песень да мастацкага фільма “Зграя” (“Беларусьфільм”, рэжысёр Дм.Зайцаў).

Па п’есе Леаніда Пранчака “Афрыканская вандроўка” у Нацыянальным Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (Мінск, 2003) і ў Нацыянальным Акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск, 2007) пастаўлены мюзікл “Афрыка” (рэжысёр Г.Давыдзька, кампазітар Ул.Кандрусевіч).

У Вялікім Акадэмічным тэатры оперы і балета РБ пабачыў свет монаспектакль па вершах Леаніда Пранчака “Сто слоў пра каханне” (кампазітар Л.Захлеўны, рэжысёр Г.Галкоўская).

На Беларускім радыё прагучалі паэтычныя спектаклі па вершах Леаніда Пранчака “Грэх і цнота”, (рэжысёр В.Кернажыцкая), “Спіць над лесам аблачынка” (рэжысёр З. Паўлоўская),  паэтычная казка “Афрыканская вандроўка” (рэжысёр В.Кернажыцкая).

З 2021 года разам са спеваком Віталем Карпанавым працуе над сумесным праектам гурта “Дразды” і паэта Леаніда Пранчака “Ствараем беларускі хіт”.
У межах праекта створана больш за 50 песень, якія рэгулярна з’ўляюцца ў медыяпрасторы Беларусі і на ўсіх лічбавых пляцоўках свету.

15.02.2024