Надыходзiць раство...

Леонид Пранчак
НАДЫХОДЗІЦЬ РАСТВО...
леанід ПРАНЧАК

Надыходзіць Раство...
За акном – снегапад.
Усцілае мяцеліца
Коўдраю дол.
Елку тата прынёс –
Сімвал свята са свят.
Мама стравы калядныя
Ставіць на стол.

Мы запальваем свечку,
Кладзём пад абрус
Жменю сена,
Каб шчасцілі
Новыя дні,
Каб жыла
І заўсёды была Беларусь –
Нашай верай
І мерай
Людской дабрыні.

Па-над стрэхамі хат,
Над маўчаннем дарог
Хай малітвай плыве
Блаславенне надзей.
Надыходзіць Раство,
Нараджаецца Бог,
Каб ніколі ужо
Не пакінуць людзей.

За святочным сталом
Разам наша сям’я.
Ойча наш,
З намі будзь, --
Тройчы я паўтару.
Добрых,
Светлых Калядаў,
Радзіма мая!
З нараджэннем Хрыстовым,
Мая Беларусь!