***

Валерий Познякевич
Ёсць у вачах Айчыны боль і сум --
Вось толькі мы іх бачыць перасталі.
А той, хто так любіў яе красу,
Цяпер з магілы брацкае не ўстане.

На Беларусі -- чорныя крыжы,--
Бы тое поле, што ўзараў араты.
Шкада, -- няма тут месца для душы,--
Куды ні глянь -- паўсюдна Курапаты.

Яны штогод нас клічуць да сябе,
Каб чалавек бяспамяцтва не зведаў.
Хусцінай чорнай лёг на твар кабет
Боль курапат... Боль прадзеда і дзеда.

Я гэты боль з народзінаў нясу.
Ён дапамог мне не забыць Айчыны,
І не забыць зямлі маёй красу,
З якой народ калісьці разлучылі.

Мне гэты боль ад сэрца не адняць,
Не згінуць з ім у часе безсэнсоўным,
Бо вера і Радзіма ў нас адна,
Адны навек матуліныя словы.

І той, хто іх забыўся, не збярог,
Не мае права сынам называцца...
Бо Беларусь -- краіна тых дарог,
Дзе здольна сэрца з памяццю яднацца.