Яутуховiч Змiцер-Дзiма...

Леонид Пранчак
ЯЎТУХОВІЧ ЗМІЦЕР-ДЗІМА...
леанід ПРАНЧАК

Настальгічная балада

Час няспынны і нябачны.
Не дагоніш спехам.
Што было заўчора значным,
Сёння стала рэхам.
 
Мы раскіданы па свеце,
Сумна ў паняверцы,
Хоць адно нам сонца свеціць,
Бог адзін у сэрцы.

Даглядаў я ў лесе хутар.
Дрыхнуў пад сасною...
Ды парадаваў камп’ютар
Добрай навіною:

Яўтуховіч у адведкі
Едзе на Палессе.
Госць мой любы,
Госць мой рэдкі.
Сонечныя песні!

Заадно ка мне заедзе
На шляху дадому.
– Заўтра буду па абедзе,
Не кажы нікому.
 
Пачастунак сабіраем –
Шчодры і багаты.
Пагуляем, паспяваем,
Як калісьці ў святы.

...Вось і ён, у дзверы звоніць.
Сумкі, пачкі, клункі.
Не спыняецца, далдоніць,
Дорыць падарункі.

У вачах хітрынка тлее.
Будзе гібель ліху.
Цэдзіць піва, не хмялее,
Ну, хіба што крыху.

Як яго мне не хапае!
Крыўды, што запалкі.
Загаворыць, заспявае, --
Сэрца на кавалкі.

Успаміны, гоман, скокі,
Спевы і гамонка.
Даставай, Язэп, гармонік!
Хораша і звонка!

Яўтуховіч, Зміцер-Дзіма,
Роднай песні кода!
Дзе цяпер твая радзіма?
– Там, дзе сэрцу добра.

Рэдка бачымся.
Работа!
А жыццё, як лодка...
Зміцер, дзе твая самота?
– Дзе магілы продкаў.

Ростань смутку не прычына.
Лёсу кужаль зрэбны.
Дзе цяпер твая Айчына?
– Там, дзе я патрэбны.

Кожны сам лёс выбірае,
Дзён сваіх акрасу.
Як гармонік твой?
Ці грае?
– Зрэдку: час ад часу.

Час такі: жальба, трывога,
Быцца шторм на моры...
Як здароўе?
– Ды нічога.
Беларуссю хворы!

Я люблю яго ігранне
Больш, чым звон манетаў.
Дзіма, дзе тваё каханне?
– Не пытай пра гэта!

Праз гады яднае далеч
Рознасць нашых лёсаў,
Сэрца птушкай пералётнай
Б’ецца ля нябёсаў.

Ён, як ранне, як прадвесне,
Гоіць спевам раны.
І баян яго, і песня
Богам цалаваны.

Жаль, што ён не тут, а недзе.
Зноў грукочуць колы...
Паспявае і паедзе,
Сумны і вясёлы.

Не вярнуць назад, хоць трэсні,
Сад з маёвым цветам...
Як пялёсткі,
Нашы песні
Кружаць па-над светам.

Кружаць, кружаць,
Ападаюць
Снегам у разоры.
Словы песень паўтараюць
Сцішаныя зоры.

Зноў расстанне.
Ноч, як сажа.
Музыка сціхае.
Ці сустрэнемся?
– А як жа!
Ля варотаў рая!

Час няспынны і нябачны.
Не дагоніш спехам.
Што было заўчора значным,
Сёння стала рэхам.

31.05.2012
13.01.2022