Снежаньскае

Клавдия Семеновна
Дзень бялюткі. Свежым снегам чысты.
Сцежкай хрусткі. Небам лазуровы.
Сонцам зіхатліва-прамяністы.
Ды марозным мінусам суровы.
Хвалі пад ільдом зняволіў зорным.
Лозы ля ракі дрымотай сцішыў.
Шыбы мудрагелістым узорным
Срэбрам па-майстэрску тонка вышыў.
Да акна сінічак мітуслівых
Склікаў на частунак. У абдымку
З цёткай-сцюжай па шляхах і нівах
Ходзіць снежань-дзед. Святкуе зімку.