Цалiна

Мария Мучинская
Час савецкi на пачатку
У Заходняй Беларусi.
Па жыццi iсцi не гладка,
Шчыпяць люд, як тыя гусi.

У калгасе  - працаднямi,
Толькi ў краме  - трэба грошы,
Хлеб пякуць жытнёвы самi,
Не купiць сабе калошы…

На стале яда з гародаў,
Няма грошай у кiшэнi,
Так жывецца з года ў год нам,
Латы ставiм на  каленi.

Жыўнасць: свiннi, маем козы,
Iх мяняем на базары,
Вось тады купляем дробязь
Ды аб лепшай долi марым.

Не пускаюць нас у горад,
Пашпарт можна толькi з блатам.
Часу мала – працы мора,
Што рабiць нам небагатым?

Даляцела запрашэнне
Нам з краёў такiх далёкiх.
Маладому пакаленню,
Пажадана, адзiнокiм.

Цалiна заве упарта,
Толькi страшна – так далёка.
Паспытаць, магчыма, варта,
На прасторы кiнуць вока.

Падхапiў Iгнась аб`яву,
Запiсаўся на паездку,
Ды размовамi пра справу
Задурыў за дзень суседку:

«Зараблю я мора грошай,
Завiтаю на машыне,
Пачакай, яшчэ папросiш,
Каб у горад вас падкiнуў.

Пабудую ў Мiнску хату –
Гэта вы невыязныя,
Будуць клiкаць мяне ў сваты,
А  ў мяне ўжо – гарацкiя».

Дзеўка стала ў задуменнi:
 Можа, праўда, маё шчасце,
Можа стаць мне на каленi
Ды прасiць дамоў вяртайся.

Выпраўлялi дзеўкi гужам,
Мо з сабой паклiча ў горад?
Ён хлапец нiчога,  дужы, –
Толькi як бы час паскорыць?

Сабiралi ўсе патроху
На касцюм i чамаданы.
Спакавалi, дай жа Богу,
А хлапец якi прыбраны!

Год i два, пайшоў i трэцi,
Нi пiсьма, нiводнай весткi.
Прыжанiўся мабыць дзесцi.
Прывязе бацькам нявестку?

На Вялiкдзень пякуць пасху,
Дзетвара бяжыць так вёртка:
«На гасцiнцы наш Iгнасю,
Ён вярнуўся ў тых жа портках».

Пiрагi гараць у печах,
Павалiў народ з падвор`я.
У яго мяшок праз плечы,
Ды адзенне ўсё старое.

- Чамадан прадаў за гошы,
 Не хапала на бiлеты.
 Зранку ў роце а нi крошкi…
Вы чакалi разадзетым?

Пасмяяцца ўжо гатовы?
А я так скажу, вяльможы:
«Што не важна купiць новы,
Не згубiць стары, дай Божа».

Дубiнцы заўжды за словам,
Не палезуць у кiшэнi.
Быць галоўнае здаровым,
Дома лечаць – нават сцены.