Дзе здзiчэлы ветах i жывыя зоры...

Леонид Пранчак
ДЗЕ ЗДЗІЧЭЛЫ ВЕТАХ І ЖЫВЫЯ ЗОРЫ...
леанід ПРАНЧАК

Снег ці дождж у ботах.
Дзень канае вяла.
Вось і мне самота
Музыкаю стала.

Кроплі б’юцца ў шыбы.
Порсткі вецер дужы.
Лісце ліп, як рыбы,
Плавае у лужы.

Фонам гукі вёскі.
Плэер, поры года.
Гук, як грудзі, плоскі.
Мала верхніх...
Шкода.

Чуйных скрыпак сола
Працінае боллю,
Цішыня наўкола.
Ціш па наваколлю.

Скрыпка знемагае.
Стогне невыносна.
Жарсцю палыхае
Так, што сэрцу млосна.

Б’е па сонных нервах,
Чэзне у прасторы,
Дзе здзічэлы ветах
І жывыя зоры.

Часу пастарунак.
Чай астылы – горкі.
Ані слоў, ні думак.
Музыка.
І толькі.

30.11.2021