Твой голас мякчэй за траву

Леонид Пранчак
ТВОЙ ГОЛАС МЯКЧЭЙ ЗА ТРАВУ
леанід ПРАНЧАК

Халодны і цёмны пакой.
Прамозгласць памятых прасцін.
Хачу завалодаць з табой
Сам насам, адзін на адзін.

Паўсюль запусценне і пыл.
Да дрыжыкаў страшна табе.
За шыбамі ночы матыль
Спалохана крыламі б’е.

І б’ецца аб нізкую столь
Світання чужы карабель.
Ад ціхага шэпту: дазволь!
Да грому у сто дэцыбел.

Мы так не кахалі даўно,
Хіба што калісьці вясной!
На вуснах сасмяглых віно
Адчаем гарчыць і віной.

Як любіць наш ложак крахцець,
Як любіць падлога рыпець,
Як любіць у сенцах звінець
Званочкаў кітайская медзь.

А ўсё, каб табе дагадзіць,
Каб тут гаспадарыла ты:
І  бэз у акно не глядзіць,
І ліпа прыгнула лісты…

І кошка з фатэля спаўзла,
Нібыта па справе сваёй.
У хаце, паўнюткай святла,
Любові нязгаснай маёй.

Твой голас мякчэй за траву.
Адвагі маёй нестае
Пакласці сваю галаву
На белыя грудзі твае...

12.11.2021