Кастрычнiк. Надвячорак...

Ядвига Довнар
Кастрычнік. Надвячорак. Серада.
У прадчуванні замаразкаў першых
Сцінаецца на дне вядра вада,
І ранак гляне ў новае люстэрка.

Таксама кіну позірк мімаходзь,
Звон ланцужковы - рэхам у калодзеж,
Вясёлкавасць вачэй тых, што напроць
З мінулага ўсміхаецца стагоддзя...

А я стаю між імі на мяжы,
Пад небам пунсавеючых суквеццяў...
А мама: "Трэба жыць, як набяжыць"...
А можа гэта шэпча знаўца-вецер...

Стаю, слязінку згортваю ў далонь,
Між двух вякоў, як між двух розных лёсаў...
Скрозь небасхіл апанаваў агонь,
І цішыня ці то маўчыць, ці то галосіць...

27.10.2021   Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)