Дзень павагi

Вера Михно
У маладосці раны гояцца лягчэй.
О, колькі дралі аб зямлю галёнкі!
Пра іх мы забываліся хутчэй,
Чым адмывалі плямкі ад зялёнкі.
О, колькі мамкі пляскалі разоў!
Ну, паравеш для важнасці хвіліну,
Не пакідае гэткі боль слядоў:
Слёз на вачах ці ў сэрцах успаміну.

А вось ва ўзросце згорбленых плячэй,
Бяссонніц і нямогласці атруты,
Што драпіна не гоіцца, пячэ,
Што крыўда ў галаве ірве сасуды.
Любіць нямоглых, як малых дзяцей,
Не ўсім далёка дадзена ад Бога.
Праводзіць у апошні шлях прасцей,
Чым пры жыцці вадзіць з кійком старога.