Цягнiк у адзiн толькi бок

Леонид Пранчак
ЦЯГНІК У АДЗІН ТОЛЬКІ БОК
леанід ПРАНЧАК

Ахвярую
цудоўнаму музЫку Аляксандру Казаку

Калі майму сэрцу самотна,
Пранізвае боль навылёт,
Жыццё, як цягнік незваротна
Імчыцца ў адзін толькі бок.

І ў той незваротнай далечы,
Дзе вера і праўда ў цане,
Я чую, як дыхае вечнасць,
І ветрам цалуе мяне.

Хаты, хацінкі, Хатынічы…
Промні матуліных слоў.
Сонца асвеціць на раніцу
Росную сцежку дамоў.
Хаты, хацінкі, Хатынічы…
Сэрца жывога камок
Птушкай ляціць пералётнаю
У запаветны куток!

Палессе моё залатое,
Таемнасць балот і лугоў.
Я меў тут заўсёды ўсё тое,
Што болей нідзе не знайшоў:

РадзІму, радзІну, рабіну,
Сагрэтую Богам зямлю.
Ніколі я Вас не пакіну,
Ніколі Вас не разлюблю!

16.03.2021