Пахмельны джаз

Леонид Пранчак
ПАХМЕЛЬНЫ ДЖАЗ
Леанід Пранчак

                Ахвярую Віталю Карпанаву

Ну, вось, нарэшце!
Разышліся госці
І я адзін
З бясконцасцю задум.
Пасля шумлівай,
П’янай весялосці
Прыходзіць сум.

Глядзіцца ў вокны поўнач
Вокам хмурым:
Гучыць за сценкай
Звар’яцелы рэп.
Зрабіўся я
Бязвольным і панурым,
Нібыта цэп.

Трашчыць цабэрак,
Не дабрыцца штосьці.
Гняце цяжар
Памылак і параз.
Растрачанай без толку
Маладосці
Пахмельны джаз.

Ныццё и нэндза,
Смага і пакута.
Былі ж часы…
Былі, але даўно.
Гарэлка – што?
Звычайная атрута.
Як і віно.

Хаця б памарыць…
Сіл няма на болей.
І што прыдумаць,
Каб суняць сіндром…
…Шуміць мой клён
Ля ганку мокрым голлем:
У шафе ром,
Кубінскі ром,
У шафе ром!

І я пачуў
Той позні
Шум кляновы:
“У шафе ром”.
Аж слёзы уваччу.
Клён гаварыў мне
Правільныя словы,
І я пачуў.

О, мілы клён,
Як мне твой шум дарэчы!
Ты чуеш, як
Душа мая гарыць
Не ведаў я,
Што ты па-чалавечы
Мог гаварыць.

Іду да шафы,
Дзверцы адчыняю.
Вось гэта цуд.
Бутэлька!
Стыне кроў.
Налью грам дзвесце.
Вып’ю.
Акрыяю.
Налью ізноў.

Кубінскі ром –
Рэдчайшае паскудства,
Калі яго
Без разумення піць.
Пасля цабэрак,
Як зімой капуста,
Ажно звініць.

Я гэта ведаў.
А дайшло да справы,
Усё забыў
Абы хутчэй прыняць
Фужэр-другі…
Запіў астаткам кавы.
І ўжо не ўстаць.

Б’е па мазгах
Кубінскі ром,
Як ломам.
Язык нямее,
Ногі не стаяць.
І я сябе адчуў
Маленькім гномам,
Што хоча спаць.

Пайсці б дамоў.
А дзе ён?
Невядома.
У галаве…
Ну так, як з бадуна.
А на зубах
Апрыклая аскома,
Бы з’еў слана.

Дзе я сядзеў,
Там падаю пад лаўку.
Кляну той ром.
Каго ж яшчэ вініць?
Хацеў сказаць.
Не змог.
Паціху мяўкнуў.
А клён шуміць.

А клён гудзе сваім
Цыбатым голлем.
Нібы яму
Таксама што баліць.
І шум яго
Ляціць над наваколлем:
А мне наліць?
Ты мне
Забыў наліць!

Забыў наліць!
Прыміце прабачэнне.
Клён зашумеў,
Я выслухаў яго.
Але ў мяне
Закралася сумненне,
Што клён… таго?

Гляджу ў акно.
Усё як і звычайна.
Клён пад акном шуміць,
Як і шумеў.
Я зноў глытнуў.
Ну вось, цяпер нармальна.
Пачуўся спеў.

Стаю. Палю
Чужую цыгарэту.
І чую гукі,
Як скрозь пальцы
Час.
Найлепшы лек
Збалеламу паэту
Пахмельны джаз!

Відовішча,
Скажу Вам,
Не для слабых.
Вось гэта гук!
Дзівосны імправіз!
Вяршыня дасканаласці і славы,
Любы капрыз!

О саксафон,
Пяшчотны голас Бога!
Сваім гучаннем
Ты чаруеш свет.
І чалавечы голас як падмога,
Як інструмент.

Шалёны шквал
Неверагодных гукаў,
Нібы цунамі,
Хваляю змяце,
Усё, што я дагэтуль
Часам слухаў
І вар’яцеў.

О, джаз!
Маё другое нараджэнне.
Калі душа адкрыецца вятрам
І музыка, як боскае натхненне,
Крыляе там.

І я за ёй ступаю асцярожна
І кожным нервам
Адчуваю рытм.
І вось плыве над Нёманам
Каложы
Метыарыт.

Гітарны драйв,
Пачуццяў хваляванне.
Як тысяча сярэбраных цвікоў,
Мне ў сэрца коле
Мрояй пра каханне
І пра любоў.

Б’юць барабаны
Ціха і адчайна,
То голасна і гучна:
Бах-бабах.
Дакладны гук.
Напружанне і тайна
І дзікі страх.

Труба звініць….
Той гук да самых зорак
Пасля мяне вяртае кожны раз
У белы лес,
На сонечны пагорак,
Дзе я і джаз.

Гамоніць клён…
Шчыміць труба, як рана.
Іду на шум,
Каб словы зразумець.
Нялеглы ад пахмелля,
Як падранак,
Плятуся ледзь.

А там на лаўцы
Аж вачам не веру,
Сядзіць і грае
Прыгажун і франт
У фраку чорным
І ў кашулі белай,
Той музыкант.

Ну налівай, гаворыць,
Мы ж суседзі.
Бо ў смяглым роце
Горыч і сухмень.
А хто ты, чалавек?
Я, Рознер, Эддзі.
Стары джазмен!

Пахмелле – цуд,
Часіна залатая!
Падцвердзіць кожны,
Хто адчуў хоць раз,
Калі табе сам
Рознер Эддзі грае
Пахмельны джаз.
Пахмельны джаз.
Пахмельны джаз!

13-15.08.2021