Як мы кахалi! Як любiлi!

Леонид Пранчак
ЯК МЫ КАХАЛІ!
ЯК ЛЮБІЛІ!
Леанід Пранчак

Як мы кахалі! Як любілі!
Цяпер таго няма ані…
На горла песні наступілі.
І песня змоўкла ў цішыні.

Расталі ў небе на світанні
Над белым садам маладым
Трывогі і перажыванні --
Былых пачуццяў сіні дым.

Над гарызонтам два анёлы
Плылі, крыляючы, аснач.
Адзін шчаслівы і вясёлы.
Другі – самотны, як крумкач.

Шчаслівы твой, а мой самотны.
Плылі у розныя бакі.
Аблокаў шэрыя палотны
Рваў золкі вецер на шматкі.

І сэрца білася ў бяссілі,
Калі нарэшце мне дайшло:
Мы самі ж вогнік пагасілі,
Які дарыў душы цяпло.

Як мы спявалі! Як любілі!
Дзе тыя мы і дзе той час?
На горла песні наступілі.
І вось – ні песні, ані нас.

27.07.2021;