Прыгожы флiрт

Леонид Пранчак
ПРЫГОЖЫ ФЛІРТ
Леанід Пранчак

Хацелася б, каб мы былі знаёмы.
Я бачыў недзе твой прыгожы твар.
У вобразах каханых пазнаём мы
Правобразы даўно забытых мар.

Ласкавая і любая дзяўчынка,
Убачаная мной упершыню,
Ты не знікай, не раставай ільдзінкай,
Падоўжы флірт і падтрымай гульню!

Вось можа так на свеце атрымацца…
Ты слухаеш мяне. Усё, як сон.
І што рабіць: пайсці ці затрымацца?
А, можа, запрасіць пад парасон?

Бянтэжышся… Нацятае трымценне.
Адно дыханне – радасць на дваіх.
Каханне – зніч, кароткае імгненне,
Каб колькі жыць, -- успамінаць той міг!

24.07. 2021