Вокны роднай хаты

Леонид Пранчак
ВОКНЫ РОДНАЙ ХАТЫ
Леанід Пранчак

Ёсць на зямлі
Адзіны кут такі,
Дзе сэрцу люба
Кожная травінка,
Дзе ў чыстых водах
Ранішняй ракі
Плыве
Маёй самоты
Аблачынка.

Сінеюць на сумежках
Васількі –
Туга вясны,
Сцяжын жытнёвых
Слёзкі...
Як запавет стагоддзяў –
Пранчакі:
Маё імя
І назва роднай вёскі.

Ёсць на зямлі
Адзіны кут такі,
Жытамі і бярозамі
Багаты.
Душы прапіска –
Вёска Пранчакі,
Дзе мне,
Як сонца, –
Вокны роднай хаты!


29 красавіка 1978 г.