Беларусi кляновы лiсток

Леонид Пранчак
БЕЛАРУСІ КЛЯНОВЫ ЛІСТОК
Леанід Пранчак

Я на глобусе школьным прыкмеціў
І зрабіў адкрыццё незнарок,
Што мая Беларусь на планеце,
Як зялёны кляновы лісток.

Я ўсе сцежкі твае перамераў,
Па азёрах тваіх вандраваў.
Я табе, Беларусь мая, верыў.
Я цябе, як матулю, кахаў.

Да цябе, белы край запаветны,
Пупавінай прывязаны я.
Небасхіл неабсяжны і светлы.
У жытнёвых палетках зямля.

Кружыць бусел па-над паплавамі.
Неба сінь адбівае ставок…
Зеляней маладымі лясамі,
Мой зялёны кляновы лісток.

Я хачу табе шчаснае долі.
Цёплых дзён і лагоднай зімы.
Каб пад роднаю хатай ніколі
Не гучалі нядолі грамы.

Бескарыснай любові патрэба
Накіроўвае кожны мой крок.
Дай жа Бог табе чыстага неба,
Беларусі кляновы лісток!