Абелiскi

Клавдия Семеновна
Разносяць чаромхавы дух маладыя вятрыскі.
Вішнёваю квеценню травень мяце на парог.
Мая Беларусь... там і тут - не злічыць - абеліскі,
На плошчах, у скверах і на скрыжаваннях дарог.

І проста, як гэты, за вёскай на ціхім пагорку.
Узняўшы ў густы салаўіны бярозавы цень
Прыбраную ў новую чырвань геройскую зорку,
Сустрэне ўрачысты, авеяны славаю дзень.

Букетам ля ўзножжа барвова-цюльпанава рдзее
Удзячная памяць - над ёю не ўладны гады.
Стаяць абеліскі. Наш гонар. Сумленне. Надзея -
Вясна пераможная ліха змяла назаўжды.

Завіс над зямлёй распластанай хмурынкаю бусел.
Нішто не парушыць хвіліну святой цішыні.
У неба глядзяць абеліскі маёй Беларусі.
Іх столькі... І болей не трэба нам, Бог барані.

Радзіме любімай і крыўды хапіла, і болю.
Маўчаць абеліскі. Ды памяць з гадамі ўдвая
Патрэбней. Я помню. І ўнукам забыць не дазволю.
Хай шчасціць табе, Беларусь дарагая мая.