2020 год

Нина Ковальчук
2020 год

Здаецца ў іншым вымярэнні
Цяпер жыву.
А мо ўсё хворае трызненне,
Не, наяву.

Няпраўдзе роднаму БТ
Няма мяжы.
Таму “народзец” МРТ
Зрабіў душы.

Ад векавой баліць хлусні
Яна ва ўсіх.
Зноў у нікчэмнай мітусні
Падман аціх.

Каб кожны сам мог вырашаць
Лёс свой, дзяцей.
Амап не змог бы адабраць
Давер людзей.

Дзяўчын з букетамі ў руках
Чапаць не смеў.
Каб быў на вуліцах, дварах
Не гвалт, а смех.

Чацвёрты месяц ў сэрцах боль,
Гаротны ўздых.
Супрацьстаяння жах- юдоль,
Праклёны ўслых.

Па плану ўсё ў вярхах  ідзе,
Чаго чакаць?
Загад: нязгоднай грамадзе
Не патакаць.

Загнаць у стойла ўвесь народ
Раз-назаўжды.
Дзве тысячы дваццаты год
Прынёс бяды.

Не запалохаць ўжо людзей
І не спыніць.
Нашчадкам сёняшніх  падзей
На волі жыць.

25-11-2020 г.