Бабiна лета

Ядвига Довнар
Камары мак таўкуць пад акенцам
У кароткім кастрычніцкім дні,
Значыць шчодрасць цяпла прыхінецца,
І каліны заззяюць агні.

Туманоў выцінанка сівая
Неахвотна з надворка спаўзе,
І душа ад дажджоў шчэ сырая
Будзе лашчыцца зноў па чарзе

То блакітам, то сонейкам сціплым,
Будзе пеставацца цішынёй,
Ні варотцы, ні дзверы не рыпнуць,
І сустрэнешся нібы з раднёй -

З клёнам, ліпай старой, вераб'ямі:
Сонца промнік усім дарагі,
Усхвалёваны яснымі днямі,
Хоць гуртуюцца дзесьці снягі.

Ды цяпло па Пакровах бывае,
Стан узвышаны мае душа,
Кажуць: бабіна лета палае...
І названа сапраўдным спярша.

20.10.2020   Ядвіга Доўнар(Кур'яновіч)