Вечар на лецiшчы

Клавдия Семеновна
Сіні змрок, аздоблены зарой,
Цішу палахлівую вартуе.
Спеліць вечар поўню залатую
На галінцы яблыні старой.

Выкупаны ў водары вясны,
Цёплай вербалозавай пяшчоце
Ветрык на гуллівай чыстай ноце
Вішаньцы-красуні песціць сны.

Шэпча, абяцае: Заўтра май
Вэлюм-хараство на плечы ўскіне.
І гусцее змрок лілова-сіні,
Падае зара за небакрай.

...Ветрык сціх – фіранку не кране.
Поўню ноч крылом змяла з галінкі.
І люляе неба дзве іскрынкі-
Зорачкі ў расчыненым акне.