Напрадвеснi

Клавдия Семеновна
Напрадвесні смуткуецца светла і шчыра.
А спяваць – не спяваецца, і не прасі.
Вінаватай слязой захліпаецца ліра
На балючай няўстойлівай «сі».

Не злавіць на ляту нецярплівае ноты,
Капяжынкай нябачнай у снег – ці й была...
Не хапае далоням азяблым пяшчоты,
А прадвесню так мала цяпла.

Прадчування вясны неадольныя чары...
Не пляцецца вянок з недаверлівых слоў.
Разлятаюцца ў свет неразумныя мары,
І чамусьці смуткуецца зноў.

Незабыўнае сніцца. Сваволяць жаданні.
Сакавіта-бярозавы ў памяці смак.
Толькі песня... ўзляціць і, нязграбная, кане.
Напрадвесні здараецца так.