Неба

Мария Руслановна Шебанец
Штосьці сталася з небам!
З небам штосьці, браточкі!
Быццам яно аб глебу
Білася гэтай ноччу.
Небу было балюча,
Неба крычала крыкам -
Мы жартавалі гучна,
Быццам ніхто не клікаў.
Скура ў нябёс пад вечар
Збітая сінякамі.
З драпін ружовае нешта
Сочыцца па-над намі.
Небка, нашто ты гэтак?
Хопіць, не трэба, ціхай.
Вось, прыкладзі сурвэтак,
Разам са мной падыхай.
Хопіць цвісці над намі
Жудаснай сіняй кветкай!
Лепшымі будзем з рання,
Толькі прабач нас, небка...

15.01.2020