Дожджык

Клавдия Семеновна
На двары сягоння зранку
У калужыне рабой
Дожджык топчацца ля ганку.
Дожджык-дожджык, што з табой?
Што ты, дожджык, невясёлы
І сівы, як дзед стары?
Шэпча ветрык: Ён жа голы,
А на вуліцы - плюс тры...
І да рамы дожджык шэры
Мокрай туліцца шчакой.
- Што ж не стукаешся ў дзверы?
Я ўпушчу цябе ў пакой.
Будзем піць з табой гарбату   
(госцю – з цёплым малаком).
Што ты любіш, ліпу, мяту
Ці сунічную з мядком?
Затрашчаць у печы дровы,
Запылаюць смалякі,               
І складзецца вершык новы,
Яркі, цёплы, гаманкі.
Мы ў радкі дажджынкі зніжам,
Расфарбую іх сама.
Дожджык, дзе ты? Ў жоўта-рыжым
Лістападзе знік... няма.