Дупло

Людмила Воронова Супрун
(на бел. яз)
А пачалося ўсё з таго, што на сваёй дачнай дзялянцы, дзе раслі купкамі некалькі маладых гонкіх сосен, вялізныя елкі і розныя кусты, прывезеныя з гадавальніку,  наш сусед па дачы Валодзя спілаваў вецце у старога і хворага дрэва.
Чым гэтае дрэва захварэла і ці можна было яго вылячыць ад хваробы - дакладна не ведаю. Ды і сусед напэўна таксама не ведае. Але каб вызначыць, што дрэва хворае, многа ведаць не трэба. Дастаткова толькі зірнуць на яго. Кара на дрэве месцамі патрэскалася, абрасла лішайнікам, галіны паскідалі ігліцу і ніякай карысці яно не прыносіла.  Ні ценю ад яго, ні асалоды для вачэй. Нават зараз і не ўспомню, як яно і выглядала знешне. Толькі адна радасць - збіралася каля яго многа птушак, розных - вялікіх і маленькіх, і вельмі прыгожых. Не скажу, што гэта былі нейкія  казачныя птушкі. Даволі звычайныя і многім вядомыя - сойкі, дзятлы, дразды, салаўі.  Усіх нават і не пералічыш. Але калі жывеш у горадзе, з-за клопатаў неяк не заўважаеш той прыгажосці, якая лятае каля цябе. А тут, у сасновым бары, усё неяк адчуваеш па-іншаму. Як кажа мой сын Арцём: «Мяняюцца каштоўнасці». Радуе вока кожная кветачка, кожная птушачка. І ты сам становішся такі шчаслівы ад гэтай еднасці з прыродай, ад адчування таго, што і ты яе часцінка і складаеш адно цэлае, што называюць мудрагелістым словам - гармонія, калі ўсё у раўнавазе, усім задаволены і радуешся кожнай хвіліне жыцця. І я так думаю, што гэту самую гармонію адчуваюць не толькі людзі, але і птушкі. Чаму я так думаю? Бо калі прачынаешся зранку у горадзе, то птушкі, калі і пяюць, то з нейкай трывогай у голасе, а часцей крычаць і каркаюць. А у нашым лесе нават сарокі не трашчаць. А дразды і салаўі спяваюць так, як быццам у раі. І на душы становіцца так спакойна і лёгка, што і чалавек, пачынае разумець мову птушак і дрэў.
Дык вось, вернемся да дрэва. Галіны у хворага дрэва сусед паспілоўваў, а само дрэва і некалькі сукоў пакінуў. Прыкупіў на базары гіпсавую саву і павесіў на сук. Атрымалася вельмі нядрэнна. Як зараз модна казаць - амаль што артаб’ект.
Аднойчы, прыехаўшы на дачу, я заўважыла каля суседскага так называмага «артаб’екта» нейкую мітусьню. Калі падыйшла бліжэй, то убачыла, што трава каля дрэва прысыпана дробнымі апілачкамі, а трохі вышэй у ствале свяцілася вялізная дзірка. Ды такая кругленькая і роўненькая, як быццам яе свярдзёлкам прасвідравалі. Я так і падумала спачатку: « Напэўна сусед вырашыў зрабіць дупло для птушак. Але чым ён свідраваў ствол у глыбіню?» Не паспела я паразважаць над сваім пытаннем, як пачула нейкае варушэнне. На вялікае маё здзіўленне, с гэтай самай кругленькай і роўненькай дзіркі паказалася галоўка птушачкі.
- Дзяцел! - пазнала я птушку. Галоўка з цікавасцю паглядзела на мяне і зноў схавалася ў дупло.
З той пары у гэтым дупле і пасяліўся дзяцел. Я часта чула яго стук і назірала, як ён лечыць суседнюю сасну, і нават запісала на відэё, як ён спявае. Ніколі раней не чула, каб дзятлы спявалі. І наогул, пражыўшы на свеце нямала, не ведала, што яны умеюць так прыгожа спяваць. Мы усе прывыклі да новага суседа і палюбілі яго.
І вось аднойчы, гатаваўшы сняданак, я пачула трывожныя крыкі птушак. Выйшла паглядзець. І вось што я убачыла. З дупла выглядаў дзяцел, але не той, што быў раней, а большы.
- Няўжо так вырас? - падумала я. Але тут убачыла таго самага маленькага дзятла. Ён падлятаў да дупла, неяк трывожна крычаў і спрабаваў выгнаць вялікага дзятла. Але апошні то хаваў галаву ў дупло, то адбіваўся, а калі вылятаў, то паміж птушкамі завязвалася сапраўдная бойка з крыкамі і лятаннем пер’я.
Прыехаўшы праз некалькі дзён, маленькага дзятла я не сустрэла зусім. У дупле жыў вялікі дзяцел. Але за ім назіраць мне чамусьці зусім не хацелася.
- У птушак усё як у людзей, - падумала я. Калі ты слабейшы, то будзь гатовы да таго, што знойдзецца нехта мацнейшы і захоча адабраць тое, што маеш. Такое, наогул, жыццё. І можна многа спрачацца і разважаць над тым, што справядліва, а што не, але законы выжывання на гэтым свеце не зменіш. Так было і так будзе. Заўсёды выжывае мацнейшы. Прыродны ці істотны адбор - неад’емная умова развіцця усяго жывога ці - эвалюцыя.
У гэтым годзе у дупле вывяліся нейкія невялічкія шэрыя птушачкі, падобныя на салаўёў. Пакуль падрасталі - стаяў такі гоман. Маці прылятала і іх карміла. А дзве нядзелі назад дупло апусцела. Прыехалі, а там ціха. Ці птушаняты выраслі? Ці мо з’еў хто? Змяя ці кот. Не ведаю. Але хочацца верыць у лепшае.