Лесу

Клавдия Семеновна
Запрасі мяне, лес, на спатканне!
Перашэпты сцяжын залатых, 
Цішыню берасклетаў густых,       
І бурштынаў бярозавых ззянне,
І ажынаў ружовае ўбранне,
Вераснёўскага светлага рання
Мілатою напоўнены ўздых,
Задуменную песню расстання
Прамяністай самотнай пары
Падары.

Атулі мяне, лес, пазалотай
Хараством шапатлівым галін,
Гаркаватаю барвай калін,
Палымянай кляновай лістотай,
Верасною ліловай пяшчотай,
Саладкавай шчаслівай лянотай...
Пераспелым агнём журавін
У далонях – шчымліваю нотай
Успамінаў пра летнія дні
Зазвіні.