Шлях да Парнаса

Ковальчук Тамара Васильевна
Я не ведаю, колькі ўжо часу,
Але я вам хачу расказаць,
Як Пятрусь шкандыбаў да Парнаса,
Каб найлепшыя творы пісаць.

Усхвалявана глядзеў ён на хмары
І складаў вершы з кропляў дожджу.
З промням сонца спяшаўся да мары,
Бег няспынна на тую мяжу.

Дыяманты збіраў з траў шаўковых,
Закахаўшыся, нёс, цалаваў.
І Парнасу аддаць іх гатовы,
З слоў прыгожых агранку каваў.

І дзівосныя фарбы вясёлкі
Браў з вялікай павагаю ён,
Каб ліст клёна, ядлоўцаў іголкі
Зіхацелі, бы зорак мільён.

У радкі ўсё складаў без сумнення,
Ганарыўся скарбонкай сваёй...
А Парнасу, на жаль, на здзіўленне
Трэба быў не Пятрусь, а спакой.

                13.09.2018 г.