На калгасныя нiвы, катэджы i хаткi гнiлыя...

Юрий Боровицкий
***
На калгасныя нівы, катэджы і хаткі гнілыя
Цёплы жнівень апаў, прыгарнуў іх рукой да сябе.
Агароды стаяць – ад расы майго жніўня сырыя,
І на дыбах – буслы на апошняй атаўнай касьбе.

А на ўзгорку жаўцеюць кацёлкі саломы тугія,
Дзе-нідзе каля хат абсыпаецца ранні вішняк.
Можа, ёсць дзе на свеце палі, сенажаці другія,
Толькі родныя я разлюбіць не сумею ніяк.

І плывуць, і плывуць, нібы дзеткі-зярняты з калосся,
Мае спелыя дні, маіх думак бясконцых агні…
Дзякуй Богу, што тут нарадзіцца калісь давялося!
Дзякуй Богу, калі тут і скончу шчаслівыя дні!

14. 08. 2018 г.