Пахмельны крэатыу

Клавдия Семеновна
Сусед зайшоў: Пяцёрку мне пазыч!
І шэптам: Не расказвай «палавіне».
Ну як не даць... Душа жывая гіне...
Хаця й вядома, што на магарыч...

У грудзі б'е, клянецца: Далібог,
Аддам! Чын-чынам.. з пенсіі ў аўторак.
Вантробы ж выгараць... Панюхаць корак -
Інакш не выжыву! Каб я так здох!

Аўторак шчасце з пенсіяй прынёс,
І святкаваць хапіла да суботы.
Нядзельны ж ранак новыя турботы
На плечы ўсклаў. І на ссінелы нос.

Ізноў сушняк бязлітасны прывёў
Прасіць. І небарака ля парога
Скуголіць-моліць: Мне не трэба многа...
Пазыч – пазбаў ад смерці – сем рублёў.

Я ж не забыўся! - зноў у грудзі б'е.
Ты ж ведаеш мяне! - ўздыхае горка.
- Аддам! З сямі рублёў – табе пяцёрка,
На два ж - хто-небудзь шклянку мне налье.