Даспявае лета...

Клавдия Семеновна
Разамлеў пад сонцам ліпень,
Адцвітае пакрысе.
Барадой сівою скрыпень
На прагаліне трасе.
Адцвітае лета, адцвітае.

Зранку ў полі пад камбайны
Каласы кладуцца ніц.
Даспявае жнівень дбайны
У цёплым золаце пшаніц.
Даспявае лета, даспявае.

У карунках павучыных
Спёку гушкаюць вятры.
Збранзавелі на ляшчынах
Лузаночкі да пары.
Адгарае лета, адгарае.

Дзень ссыпае ў ноч хвілінкі.
Сад налівы долу строс.
І пад ногі дзве бурштынкі
Скінуў з вецця вербалоз....
Аблятае лета, аблятае.